Тайлерава сьліна рабіла дзьве рэчы. Яна ўтрымлівала драбочкі шчолаку, пакуль той прапякаў мне руку – гэта раз. І шчолак апякае толькі ў сумесі з вадой – гэта два. Або сьлінай.
– Гэта хімічны апёк, – кажа Тайлер. – Табе будзе так балюча, як ніколі яшчэ не было.
Шчолакам можна прачышчаць трубы.
Заплюшчы вочы.
Паста з вады й шчолаку можа прапаліць алюміневую патэльню.
Сумесь шчолаку й вады расшчапляе драўляную лыжку.
Зьмешаны з вадой, шчолак награецца да двухсот градусаў. Награецца й апякае мне руку. Нашыя рукі – на маіх штанах, запэцканых крывёю, Тайлер сьціскае мае пальцы. Кажа, каб я засяродзіўся, бо гэта найважнейшы момант у маім жыцьці.
– Бо ўсё, што было дагэтуль – гісторыя, – кажа Тайлер, – і ўсё, што будзе пасьля – таксама.
Найважнейшы момант у маім жыцьці.
Шчолак зьбіраецца дакладна ў форму Тайлеравага пацалунку, як вогнішча, або кляйно, або аварыя ядзернага рэактару на маёй руцэ, у самым канцы доўгай-доўгай дарогі ў мяне ўваччу, на многія мілі наперад. Тайлер кажа, каб я вярнуўся й заставаўся зь ім. Я адчуваю, як мая рука робіцца ўсё меншай, зьнікае ў канцы дарогі.
Уяві – агонь усё яшчэ гарыць, хаця ўжо зьнік з далягляду. Захад.
– Вярніся й засяродзься на болю, – кажа Тайлер.
Гэта як медытацыя ў ГПП.
І ня думай думаць пра слова “боль”.
Калі медытацыя дзейнічае супраць раку, спрацуе і тут.
– Глядзі на руку, – кажа Тайлер.
Ты не глядзіш на руку.
Ты ня думаеш пра словы “апёк”, “плоць”, “тканка” ці “абвугленьне”.
Ты ня чуеш свайго плачу.
Мэдытацыя.
Ты ў Ірляндыі. Заплюшчы вочы.
Лета. Ты толькі што скончыў коледж. Ты п’еш ў пабе, надалёк ад замка, да якога штодня прыходзяць аўтобусы, набітыя амерыканскімі й ангельскімі турыстамі, што едуць пацалаваць Бларні Стоўн.
– Не супраціўляйся, – кажа Тайлер. – Дзе мыла – там і чалавечыя ахвяры.
Ты выходзіш з пабу ў людзкой плыні, крочыш маўклівымі мокрымі вуліцамі з нанізанымі на іх, як пацеркі, аўтамабілямі. Толькі што прайшоў дождж. Ноч. І вось перад табой Бларністоўнскі замак.
Знутры замак увесь прагніў, ты караскаесься каменнымі сходамі, цемра вакол з кожным крокам робіцца ўсё гусьцейшай. Усе караскаюцца па сходах ўверх, моўчкі, ахопленыя маленькім бунтарскім парывам.
– Слухай сюды, – кажа Тайлер. – Расплюшчы вочы.
– У старажытнасьці, – працягвае ён, – чалавечыя ахвяры прыносіліся на пагорку ля ракі. Тысячы ахвяраў. Слухай сюды. Пасьля целы спальваліся на пахавальным вогнішчы.
– Можаш плакаць, – кажа Тайлер. – Можаш пайсьці ў ванну й патрымаць руку пад кранам, але сьпярша ты павінен зразумець, што ты дурань і ты памрэш. Глядзі на мяне.
– Аднойчы, – працягвае Тайлер, – ты памрэш. І пакуль ты гэтага не зразумееш, ты мне не патрэбны.
Ты ў Ірляндыі.
– Можаш плакаць, – кажа Тайлер, – але кожная сьляза, што патрапіць на драбінку шчолаку ў цябе на руцэ, будзе роўная цыгарэтнаму апёку.
Медытыцыя. Ты ў Ірляндыі. Лета. Ты толькі што скончыў коледж. І, мабыць, тады табе ўпершыню захацелася анархіі. Яшчэ задоўга да знаёмства з Тайлерам Дэрдэнам, задоўга да таго, як ты ўпершыню памачыўся ў падгузьнік, ты ўжо ведаў пра маленькія бунтарскія парывы.
У Ірляндыі.
Ты стаіш на пляцоўцы на даху замка.
– Мы можам нейтралізаваць апёк воцатам, – кажа Тайлер, – але сьпярша ты павінен ад усяго адмовіцца.
Пасьля таго, як сотні людзей былі прынесеныя ў ахвяру й спаленыя, кажа Тайлер, з алтара на пагорку ўніз, да ракі, пацяклі мутныя белыя выдзяленьні.
Сьпярша ты павінен апусьціцца на самае дно.
Ты – на пляцоўцы на даху замка ў Ірляндыі. Вакол цябе, за краямі пляцоўкі, – бяздонная цямрэча, а неперадзе, на адлегласьці выцягнутай рукі – скала.
– Год за годам, – кажа Тайлер, – пахавальнае вогнішча паліваў дождж, год за годам спальваліся людзі, і дажджавая вада прасочвалася праз попел, каб злучыцца з шчолакам, шчолак зьмешваўся з таплёным тлушчам ахвяраў, і мутныя белыя цуркі мыльнага раствору сьцякалі з-пад алтара, сьцякалі з пагорка, уніз у раку.
Ірляндцы вакол, ахопленыя маленькім бунтарскім парывам, падыходзяць да краю пляцоўкі, становяцца на краі бяздоннай цямрэчы й сікаюць.
Яны кажуць, давай, пасікай сваёй крутой амэрыканскай мачой, ярка-жоўтай і багатай на вітаміны. Багатымі й дарагімі адкідамі.
– Гэта найважнейшы момант у тваім жыцьці, – кажа Тайлер, – а ты ўцякаеш і прапускаеш яго.
Ты ў Ірляндыі.
Ах, пайшло. Ах, так. Так. Ты ўдыхаеш аміяк і дзённую норму вітаміна В.
І калі пасьля тысячагодзьдзяў забойстваў і дажджоў, кажа Тайлер, старажытныя людзі мыюць вопратку ў рацэ, яны бачаць, што калі мыць у тым месцы, куды сьцякала мыла, вопратка робіцца чысьцейшай.
Я мачуся на Бларні Стоўн.
– О, Божа, – кажа Тайлер.
Я мачуся ў штаны – чорныя, у корках крыві, – якія мой бос цярпець ня можа.
Ты ў арэндаваным доме на Пэйпэр-стрыт.
– Гэта нешта значыць, – кажа Тайлер.
– Гэта – знак, – кажа ён. Тайлер ведае шмат карыснага. Культуры, якія ня ведалі мыла, кажа Тайлер, мылі вопратку й валасы ўласнай і сабачай мачой – бо ў ёй ёсьць аміяк і мачавая кіслата.
Я адчуваю пах воцату, і пажар у канцы дарогі на маёй руцэ зьнікае.
Я адчуваю пах шчолаку, які апякае павуціньне маіх венаў, шпіталёвы пах мачы й воцату, ад яго цягне на ваніты.
– Яны правільна зрабілі, што забілі ўсіх тых людзей, – кажа Тайлер.
Рука пачырванела й распухла, і зьзяе адбіткамі вуснаў ў дакладнай форме Тайлеравага пацалунку. І вакол пацалунку – там-сям цыгрэтныя апёкі чыіхсьці сьлёзаў.
– Расплюшчы вочы, – кажа Тайлер. У яго на вачах блішчаць сьлёзы. – Віншую. Цяпер ты на крок бліжэй да дна.
– Ты павінен ведаць, – кажа Тайлер, – што першае мыла было зроблена з герояў.
Падумай пра тэставаньне новых прадуктаў на жывёле.
Падумай пра малпаў, якіх запускаюць у космас.
– Калі б яны не пакутвалі, не памерлі, не былі прынесеныя ў ахвяру, – кажа Тайлер, – у нас бы нічога не было.
Байцоўскі Клуб. Разьдзел 9
-
байцоўскі клуб. раздзел 12
Бос стаіць у мяне над сталом і ціхенька пасміхаецца, сціснуўшы тонкія вусны. Яго шырынка – акурат насупраць майго твару. Я адрываюся ад ліста. Усе…
-
--
Марла, цяпер я ведаю, што такое цыгарэтны апёк. :) Але Тайлер казаў, што ад кіслотнага будзе так балюча, як ніколі яшчэ не было... ой, халера... ён…
-
99,9%))
праца над перакладам уваходзіць у апошнюю стадыю - стадыю генеральнай вычыткі :)) што і цешыць мяне дужа %))
- Post a new comment
- 12 comments
- Post a new comment
- 12 comments
-
байцоўскі клуб. раздзел 12
Бос стаіць у мяне над сталом і ціхенька пасміхаецца, сціснуўшы тонкія вусны. Яго шырынка – акурат насупраць майго твару. Я адрываюся ад ліста. Усе…
-
--
Марла, цяпер я ведаю, што такое цыгарэтны апёк. :) Але Тайлер казаў, што ад кіслотнага будзе так балюча, як ніколі яшчэ не было... ой, халера... ён…
-
99,9%))
праца над перакладам уваходзіць у апошнюю стадыю - стадыю генеральнай вычыткі :)) што і цешыць мяне дужа %))